Пасха Хрыстова

Пасха Хрыстова

Па традыцыі на Светлай Велікоднай нядзелі выхаванцы і выкладчыкі нядзельнай школы пры храме Свяціцеля Мікалая ў горадзе Паставы разам з настаяцелем храма протаіерэем Валерыем Пашкевічам і сестрамі міласэрнасці наведалі сацыяльныя ўстановы горада: аддзяленне дзеннага знаходжання для пажылых людзей, Дзяржаўную ўстанову адукацыі «Дзіцячы сацыяльны прытулак г. Паставы» і аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

 

Спачатку бацюшка гутарыў з дарослымі і дзецьмі, потым выхаванцы нядзельнай школы паказвалі невялічкі канцэрт, прысвечаны святу Пасхі Хрыстовай. Сталым людзям найбольш спадабаліся песні,  дзецям – батлейка. І ніхто не застаўся абыякавым да сцэнкі пра Вялікі пост, які дапамог пабароць ляноту, пыху, сквапнасць, самоту, падман, нястрыманасць у гаворцы і ў ежы. І госці і гаспадары атрымалі не толькі зарад Велікоднай радасці, але і салодкія падарункі.

  • Наталля Пракаповіч. Пастаўскае благачынне